СветлагорскРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’еРэклама
|
Беларусь і сьвет RSSМасавыя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў
15.25. Акцыя прадпрымальнікаў завяршаецца. Людзі разыходзяцца. Горадня: Сёньня ў парку імя Жылібэра сабралася больш за сто прадпрымальнікаў, пераважна з самага вялікага гарадзенскага рынку — “Карона”. Да іх на размову выйшаў старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка. На патрабаваньні прадпрымальнікаў адмяніць указ № 760 Аляксандар Антоненка патлумачыў, што рашэньне прымалася на ўзроўні ўраду і ён, як і ўсе астатнія, павінен яго выконваць . Размова працягвалася трохі больш за паўгадзіны. Аляксандар Антоненка заявіў прадпрымальнікам, што ў гарадзкім Цэнтры занятасьці 2300 свабодных вакансіяў і калі нехта застаўся бяз працы, то кожнаму пры жаданьні можна ўладкавацца на новае месца. Адказы старшыні гарвыканкаму многіх прадпрымальнікаў не задаволілі, але ўсе хутка мусілі разысьціся, бо пачаўся моцны дождж. У парку ўвесь час дзяжурылі міліцыянты, здымалі ўсё на камэру, але нікога не затрымалі. У Менску ў 21-го прадпрымальніка могуць быць ануляваныя ліцэнзіі. Дакумэнты па пазбаўленьні ліцэнзій накіраваныя ў адмысловую камісію камісію Менгарвыканкаму. Пра гэта паведаміў на апэратыўным паседжаньні ў Менгарвыканкаме намесьнік начальніка камітэту эканомікі, начальнік ўпраўленьня прадпрымальніцтва Аляксандар Каліноўскі. Паводле рэйдавай праверкі, у студзені без паважных прычын не працавала больш за 2 тысячы аб’ектаў гандлю. Складзена 1340 актаў аб парушэньні рэжыму працы, што зьяўляецца парушэньнем ліцэнзійнай дзейнасьці, паведамляе БелТА. У Менску налічваецца 53 гандлёвыя цэнтры і рынкі, на якіх 12,4 тысячы гандлёвых месцаў, працэс пераафармленьня індывідуальных прадпрымальнікаў ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы ідзе вельмі павольна. 15:14 Ля ГУМу міліцыянты затрымалі моладзевага актывіста Міхаіла Субача. Яму паведамілі, што ён падазраецца ў крадзяжы мабільнага тэлефона, і прапанавалі праехаць у міліцыю. 15:02 Людзей выціснулі з Кастрычніцкай плошчы на вуліцу Інтэрнацыянальную. Некалькі чалавек затрыманыя. 15:00 Спэцназ міліцыі ў адказ на крыкі прадпрымальнікаў "Фашысты!" скандуюць "Спэкулянты!". 14:58 Спэцназ выціскае людзей з Кастрычніцкай плошчы ў бок плошчы Свабоды. Ёсьць затрыманьні. Затрыманых завозяць у Маскоўскі РАУС. 14:57 Некалькі дзясяткаў дэманстрантаў выціскаюць з плошчы Незалежнасьці па вуліцы Энгельса ў бок Траецкага прадмесьця. Спэцназ міліцыі не выпускае дэманстрантаў з ачапленьня. 14:55 Спэцназаўцы выціскаюць людзей з Кастрычніцкай плошчы. 14:52 На Кастрычніцкай плошчы значна менш дэманстрантаў. Да людзей набліжаецца спэцназ. 14:45 Частка дэманстрантаў зноў дайшла да Кастрычніцкай плошчы. 14:40 Каля Цэнтральнай кнігарні па ходніку калёна ідзе ў бок Кастрычніцкай плошчы ў суправаджэньні спэцназу. Другая частка дэманстрантаў заблякаваная каля гатэлю "Мінск". 14:35 Уладзімер Навумаў асабіста камандаваў разгонам удзельнікаў акцыі з плошчы Незалежнасьці. Ён адмовіўся ад камэнтароў для “Свабоды”. 14:30 Дэманстранты накіроўваюцца ў бок Кастрычніцкай плошчы. Спэцназ грукае дубінкамі ў шчыты, запалохваючы дэманстрантаў. 14:27 Кола спэцназаўцаў сьціскаецца вакол людзей. Людзі скандуюць "Фашысты!", "Акупанты!" 14:25 Пачалася зачыстка. Людзей выцясьняюць з плошчы. Паведамляе Любоў Лунёва: 14:22 Спэцназ міліцыі і байцы ўнутраных войскаў абкружаюць дэманстрантаў. Паведамляе Любоў Лунёва: 14:20 Да дэманстрантаў выйшаў міністра ўнутраных справаў Уладзімер Навумаў. Ён папярэдзіў, што калі ўдзельнікі акцыі не разыдёцца, да іх ужывуць спэцсродкі. 14:17 На прыступках Дому ўраду спэцназ міліцыі ўтварыў жывы ланцуг і не прапускае прадпрымальнікаў у будынак. 14:15 Калёна дайшла да плошчы Незалежнасьці, міліцыя папярэджвае, што будзе ўжытая сіла. 14:10 Каля Цэнтральнай кнігарні затрымалі трох чалавек. 14:02 Калёна працягвае рух па ходніках. Аўтазакі суправаджаюць калёну. 13:45 Удзельнікі мітынгу зьбіраюцца ісьці на плошчу Незалежнасьць і патрабаваць, каб да іх выйшаў кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі. 13:35 На плошчу прыехала машына Беларускага тэлебачаньня. Людзі скандуюць "Ганьба!" Міліцыя просіць, каб людзі разыходзіліся. Народ разышоўся па ўсёй плошчы. 13:30 Народ застаецца на Кастрычніцкай плошчы: частка на прыступках, некаторыя каля праезнай часткі. Паводле ацэнак, на плошчы - каля тысячы чалавек. 13:20 Скончыўся мітынг прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы. Людзі гуртуюцца ў калёны. Міліцыя папярэджвае, што нельга выходзіць на праезную частку. 13:25 Сьветлагорск. Суд над старшынём Кардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі Анатолем Зьмітровічам перанесены на 16 гадзінаў. Судзьдзя Натальля Белайчук патлумачыла, што дзеля разгляду адміністрацыйнай справы супраць прадпрымальніка няма вольнай залы. Міліцыянты затрымалі Анатоля Зьмітровіча 18 студзеня ўвечары. На яго склалі пратакол паводле артыкулу нібыта за парушэньне парадку правядзеньня мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Менску 10 сьнежня 2007 году. На знак пратэсту Анатоль Зьмітровіч аб'вясціў галадоўку. Сёньня спадар Зьмітровіч зьбіраўся ўдзельнічаць у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску. 13:20 Бабруйск. На плошчы Леніна - 500 прадпрымальнікаў. Грамадзкі актывіст Алесь Чыгір паведаміў, што прадпрымальнікі сфармавалі ініцыятыўную групу, якая выправілася на перамовы з чыноўнікамі. 13:25 Магілёў. Прадпрымальнікі разыходзяцца з плошчы. Яны выходзілі, каб нагадаць чыноўнікам пра свае праблемы і абяцаюць рабіць гэта рэгулярна. Наступным разам прадпрымальнікі зьбіраюцца выйсьці 25 студзеня да ізалятара часовага ўтрыманьня, калі на волю выйдзе грамадзкі актывіст Валадар Цурпанаў. 13:10 Людзі скандуюць "Свабоду!" У сваім выступе прадпрымальнік з Салігорску Аляксандар Цацура прапанаваў прысутным сабрацца зноў 18 лютага. Цацура таксама заклікаў Аляксандра Лукашэнку сысьці ў адстаўку. 13:00 Пад'ехала машына з гукаўзмацняльнай апаратурай, міліцыя заклікае народ разысьціся, пагражае пакараньнем. На плошчы вельмі моцна гучыць радыё, трансьлюецца канцэрт - спрабуюць заглушыць выступоўцаў. 12:55 На прыступках Палацу Рэспублікі выступае прадпрымальнік Віктар Крываль. Патрабаваньні: вызваліць усіх арыштаваных, адмяніць дзеяньне Ўказу №760. Плошча напалову запоўненая людзьмі. 12:50 У мітынгу ўдзельнічае каля тысячы чалавек. 12:45 Пачаўся мітынг. Выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч, які заклікаў вызваліць усіх зьняволеных актывістаў і прадпрымальніткаў і скасаваць Указ №760. Ад імя Эўрапейскай кааліцыі выступіў Мікола Статкевіч. 12:45 Паведамленьне ад Эўрапейскага радыё для Беларусі: “Дамэн www.belradio.fm па незалежных ад нас тэхнічных прычынах часова не працуе. Даступны новы дамэн Эўрапейскага радыё для Беларусі www.euroradio.fm. Як толькі збой будзе ліквідаваны, запрацуюць абодва дамены". 12:43 Віцебск. Другія суткі міліцыянты блякуюць кватэру, дзе жыве грамадзкі актывіст Павал Севярынец. 12:40 Пінск. Ля будынку гарвыканкаму сабралося болей за 100 гандляроў з рэчавых рынкаў. Грамадзкі актывіст Канстанцін Чувак паведамляе, што за ўдзельнікамі акцыі пратэсту назіраюць міліцыянты і супрацоўнікі КДБ у цывільным. 12:35 На Кастрычніцкай плошчы прысутнічаюць прадпрымальнікі з Салігорску, Узды, Барысава. Некаторыя людзі назіраюць за прадпрымальнікамі здалёк, хтосьці далучаецца. 12:30 Бабруйск. Да будынку гарвыканкаму выйшла прыкладна 200 чалавек. Да прадпрымальнікаў выйшлі загадчык ідэалягічнага аддзелу спадар Кавалевіч і ягоны намесьнік спадар Маркачоў. Яны прапанавалі людзям разысьціся і папярэдзілі, што інакш будуць складацца пратаколы. На будынку падцягваецца міліцыя. 12:20 На Кастрычнікай плошчы - прыкладна 200 чалавек. 12:15 Магілёў. На плошчы Леніна пачынаюць зьбірацца прадпрымальнікі. Іх каля 70 чалавек. На плошчы 3 міліцыянты ў форме, але бяз бэджаў: палкоўнік і падпалкоўнік. Пазаўчора ў Магілёве выпаў сьнег, але плошчу не расчысьцілі. 12:00 На Кастрычніцкай плошчы пачынаюць зьбірацца прадпрымальнікі. Праз гукаўзмацняльнікі гучыць Дзяржаўнае радыё. 11:30 На плошчы Свабоды - 6 аўтобусаў зь міліцыянтамі, 5 аўтазакаў стаіць за Палацам Рэспублікі. 11:20 Супрацоўнікі ДАІ забараняюць прыватным аўтамашынам спыняцца на Кастрычніцкай плошчы. 11:00 У Беларусі ўскладнён доступ да сайту Радыё Свабода, Наша Ніва, Эўрапейскае радыё для Беларусі, Хартыя-97. Сёньня 12-й гадзіне дробрыя бізнэсоўцы праводзяць акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Адно з патрабаваньняў прадпрымальнікаў – скасаваньне пункту 1.1 указу прэзыдэнта № 760, які ад 1 студзеня забараніў наймаць на працу кагосьці, апроч блізкіх сваякоў. Мінулая акцыя пратэсту адбылася 10 студзеня. Калі прадстаўнікі ўладаў ня выйшлі на плошчу да дэманстрантаў, тыя наладзілі шэсьце, а потым перакрылі рух транспарту па праспэкце Незалежнасьці ў Менску. Аднак на саступкі прадпрымальнікам улады пакуль не пайшлі. Каля 40 актывістаў апазыцыі і прадпрымальніцкага руху арыштаваныя і знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна. (Радыё Свабода) 21.01.2008
На здымках: падчас акцыі ў Менску 21 студзеня. Фота Юліі Дарашкевіч (“Наша ніва”, http://nn.by).
Рэгіянальныя навіны
Блог
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |