СветлагорскРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’еРэклама
|
Беларусь і сьвет RSSМасавая маніфэстацыя прадпрымальнікаў
17.40 Пачаліся масавыя затрыманьні найбольш актыўных удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта адбываецца на скрыжаваньні праспэкту і вуліцы Энгельса. Сюды людзі дайшлі з плошчы Незалежнасьці. У раёне Кастрычніцкай плошчы цяпер знаходзіцца вялікая колькасьць аўтобусаў і аўтамашын зь міліцыянтамі. У той жа час некалькі соцень чалавек застаюцца на Кастрычніцкай, іх пакуль не чапаюць. 16.48 АМАП выцясьніў усіх з праезжай часткі, рух транспарту адноўлены. 16.45 Па факце "масавых беспарадкаў" 10 студзеня у Менску распачата крымінальная справа. Пра гэта ўдзельнікам стыхійнага мітынгу прадпрымальнікаў на плошчы Незалежнасьці заяўляў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Аляксандр Найдзенка, паведамляе БелаПАН. Спасылаючыся на гэта, ён патрабаваў, каб яны разышліся. 16.40 Прадпрымальніцкія лідэры заклікалі правесьці наступную акцыю пратэсту а 19-й гадзіне 21 студзеня. 16.35 Прадпрымальнікі прынялі рашэньне стаяць на плошчы да 17 гадзінаў. Яны абмяркоўваюць новыя акцыі пратэсту. 16.30 Нейкі хлопец ускараскаўся на аўтобус № 100 і махае бел-чырвона-белым і менскім сьцягамі. 16.20 На плошчы засталіся каля 1000 чалавек, але ўсё роўна блякуюць рух транспарту. Некалькі аўтобусаў маршруту № 100 паспрабавалі прарвацца цераз плошчу, але іх не пусьцілі. Міліцыя ёсьць, але супрацоўнікаў ДАІ амаль няма. 15:48 Перад прысутнымі выступіў Алесь Таўстыка, які заклікаў людзей заставацца. Ён таксама сказаў: «Зараз у БДУ і БДПУ скончацца заняткі, і да нас далучацца студэнты». 15:42 Людзі працягваюць стаяць на Плошчы Незалежнасьці. Тым часам затрыманы салігорскі прадпрымальнік Уладзімер Шыла. Яго затрымалі ў той момант, калі ён кіраваўся ў бок Чыгуначнага вакзалу. Цяпер яго вязуць у Маскоўскі РУУС: "Стопрацэнтна дадуць суткі", — сказаў ён на разьвітаньне журналістам. Машыны сталі аб'яжджаць Плошчу Незалежнасьці, але на ёй шмат аўтобусаў: № 100, № 1. 15:25 Праспэкт па-ранейшаму перакрыты, людзі разыходзіцца не зьбіраюцца. Міліцыя нарэшце стала настойліва раіць разыходзіцца. Што характэрна для гэтай акцыі, сьцягоў ня шмат. Ёсьць бел-чырвона-белыя, сьцягі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, эўразьвязаўскія і Менску. 15:17 Прадпрымальнікі зноў перакрылі праспэкт недалёк ад уваходу ў станцыі мэтро "Плошча Незалежнасьці". Рух заблякаваны. Зьбіраюцца стаяць, пакуль хто-небудзь да іх ня выйдзе. 15:11 Людзі працягваюць стаяць пад Домам ураду. Ніхто да іх ня выйшаў. Пакуль няма адназначнага рашэньня, што рабіць. Частка прадпрымальнікаў разыходзіцца, іншыя прапануюць зноў перакрыць праспэкт да таго часу, пакуль да іх выйдзе кіраўніцтва ўраду. 15.01 Таўстыку да Сідорскага не пусьцілі. Сказалі: чакайце, нехта да Вас выйдзе. Тым часам перамовы Шумчанкі ў Адміністрацыі прэзыдэнта праваліліся. Загадчыца галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзыдэнта Іна Мядзьведзева сказала, што патрабаваньні прадпрымальнікаў будуць перададзеныя кіраўніку Адміністрацыі, а Г. Нявыглас праінфармуе пра гэта прэзыдэнта. Таксама яна заявіла, што адмяняць указ № 760 ніхто не зьбіраецца. 14.54 Перад прысутнымі выступіў Алесь Таўстыка, ён прамаўляў з імправізаванай сцэны (ліхтар з прыстукамі), ён сказаў, што зараз пойдзе да Сідорскага, дзе будзе патрабаваць адмены ня толькі указу № 760, але і будзе ўзьнімаць палітычныя патрабаваньні: 12 патрабаваньняў Эўрапейскага Саюзу. 14.42 Плошча цалкам запоўнена людзьмі. Гукаюць: «Работа», «Сідорскі, выходзь!» 14:38 Прадпрымальнікі ўжо на Плошчы Незалежнасьці, падыходзяць на галоўнага корпусу БДУ. Людзі кіруюцца да Дому Ўраду. АМАПаўцы бягуць да прыступак Дому ўраду. Праспэкт па ранейшаму перакрыты людзьмі, якія настроеныя рашуча. 14.25. Калёна ля КДБ. Частка людзей ідзе па праезнай частцы. Колькасьць удзельнікаў істотна павялічылася і дасягнула цяпер 4 - 5 тысяч чалавек. Рух па правым баку праспэкта адкрыты для машын. 14.18 Маніфэстанты ідуць да плошчы Незалежнасьці. Пераважна ходнікамі. Міліцыя папярэдзіла пра крымінальную адказнасьць за арганізацыю мітынгу Аляксандра Мілінкевіча. 14.15 Удзельнікі акцыі рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці. 14.14 Людзі стаяць на праспэкце, на праезнай частцы. Іх папярэджваюць з дынамікаў пра магчымасьць ужыцьця сілы, калі тыя за 10 хвілін не рызыдуцца. Шмат АМАПу. Зьявіліся аўтазакі. 14.05 На праспэкце і вуліцы Энгельса перакрыты машынны рух. АМАП перагарадзіў праход на вуліцу Энгельса. 14.02 Лякальныя сутычкі з даішнікамі і амонаўцамі. Пад'яжджаюць міліцэйскія машыны. Па той бок праспэкту людзі спыніліся й не ідуць далей за Купалаўскі тэатар. 13.57 Людзі выйшлі на праспэкт. Перакрылі праспэкт. Галава калёны ля Купалаўскага тэатру. 13.50 Прадпрымальнікі вырашылі ісьці да Адміністрацыі прэзыдэнта й кіруюцца да вуліцы Энгельса. 13.30 Анатоль Шумчанка і прадпрымальнік са Слуцку, імя якога з прысутных ніхто ня здолеў назваць, пайшлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта на перамовы да спн. Мядзьведзевай. Перамоўшчыкі сказалі, што калі праз 15 хвілін ня выйдуць, удзельнікі акцыі будуць самі вырашаць, што рабіць далей. Стала вядома, што па дарозе да акцыі затрыманы Аляксандар Макаеў разам з сынам. 13.20 Людзі патроху разыходзяцца. Той, хто застаўся — каля тысячы чалавек — ратуюцца хто ад сьнегу на прыступках Палацу рэспублікі, хто ад холаду на коўзанцы ды з каваю-гарбатаю ў руках. Чакаюць выніку перамоў. 13.15 Распачаўся імправізаваны мітынг. Сярод іншых выступіў А. Мілінкевіч. Ён заявіў, што ўлады імкнуцца «зьнішчыць прадпрымальнікаў як клас», заклікаў ня верыць абяцаньням уладаў і ня даць сябе раскалоць, захоўваць салідарнасьць. 12.55 Радыё «Свабода» перадае з Магілёва: каля 500 чалавек сабраліся там на цэнтральнай плошчы гораду. Charter97.org ацэньвае, што колькасьць пратэстоўцаў у цэнтры сталіцы дасягнула 2500 чалавек. Група перамоўшчыкаў дайшла да Дому афіцэраў. Да прадпрымальнікаў выйшаў прадстаўнік службы аховы Адміністрацыі прэзыдэнта і паабяцаў, што хутка выйдзе супрацоўнік аддзелу па прыёму грамадзянаў. У сквэры знаходзяцца некалькі аўтазакаў, каля будынку адміністрацыі – узмоцненая ахова. 12.50 На плошчы прыблізна паўтары тысячы чалавек. Зьявілася інфармацыя, што дарогай затрымалі прадпрымальніцкіх лідэраў Аляксандра Цацуру і Віктара Гарбачова. Удзельнікі акцыі трымаюць лёзунгі з даволі калючым зьместам, як напрыклад: «Хочам жыць па законах, а не па ўказах!», «Бацька, ты сынкоў сваіх працаўладкаваў, а мы сваіх прадаўцоў выгналі, як сабак на вуліцу!» 12.30 У адміністрацыю ідуць Анатоль Шумчанка, Карэн Акопаў, Мікалай Рамашын. Мяркуецца, што перамовы зоймуць каля 20 хвілін. Алесь Таўстыка заклікаў у выпадку, калі перамовы не дадуць выніку, ісьці на плошчу Незалежнасьці. 12.25 Раптам усю увагу сабраных пераключыў на сябе аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратурай: Адтуль данеслася: «Шэсьце да адміністрацыі прэзыдэнта забароненае. Просім вызначыць 4 ‑ 5 чалавек, якія будуць адпраўленыя ў Адміністрацыю прэзыдэнта на перамовы» 12.20 На плошчы сабралося каля 1000 чалавек. Вельмі цесна. Пад’ехала машына з гукаўзмацняльнікам, папярэджвае пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Прыйшлі Сяргей Калякін, Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Міхалевіч, Мікола Статкевіч, Алесь Таўстыка. Вельмі цесна. Узьнятыя сьцягі АГП, Маладых дэмакратаў, вялікі бел-чырвона-белы. 12.05 Людзі падыходзяць. Сабралося ўжо ля паўтысячы чалавек, але й такой колькасьці цеснавата на свабодным ад коўзанкі месцы. Прысутнічаюць Анатоль Шумчанка, Анатоль Лябедзька. 11.55 Перад пачаткам сустрэчы прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 200 чалавек. Плошча адкрытая, працуе коўзанка, праходзіць нейкае забаўляльнае мерапрыемства з удзелам маладзёнаў з бээрэсэмаўскімі значкамі. Міліцыі няшмат. Зьміцер Панкавец (nn.by)
Рэгіянальныя навіны
Блог
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |