Нямецкія аўтадарогі ацанілі на «тройку»
У параўнанні з іншымі краінамі Еўропы аўтадарогі ў Германіі не такія добрыя, як іх імідж – высветлілі нямецкія вучоныя, якія параўналі дарожную сетку ў 7 еўрапейскіх краінах.
Дарожная сетка Нямеччыны вартая толькі здавальняючай адзнакі. Да такой высновы прыйшлі супрацоўнікі універсітэта ў нямецкім горадзе Мюнстэр, якія параўналі па шэрагу крытэрыяў аўтамагістралі і чыгунку ў 7-мі еўрапейскіх краінах: ФРГ, Нідэрландах, Францыі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Італіі і Швейцарыі.
Як высветлілі навукоўцы, па шчыльнасці дарожнай сеткі Германія займае 4-ае месца, а наперадзе за ўсіх Нідэрланды. Найбольш сучасныя аўтадарогі ў Францыі. У параўнанні з іншымі краінамі там можна хутчэй дабрацца з пункту А ў пункт В, рухаючыся з сярэдняй хуткасцю. Па колькасці «пробак» Нямеччына апынулася на 5-ым месцы, яшчэ горш справы толькі ў Брытаніі і Нідэрландах. Меньш за ўсё ў пробках стаяць шведы, аўтадарогі ў гэтай краіне прызнаны таксама самымі бяспечнымі.
Лепшыя адзнакі атрымала нямецкая чыгунка. Паводле дадзеных навукоўцаў, з усіх разгледжаных краінаў Нямеччына валодае адной з самых разгалінаваных чыгуначных сетак з сучаснай інфраструктурай. Аднак меней за ўсё спазненняў у цягнікоў у Швейцарыі.
У выніку даследавання высветлілася, што стан дарожнай сеткі лепш у тых краінах, дзе існуе стратэгічнае планаванне транспартнай палітыкі, а не там, дзе ўлады імкнуцца рэагаваць на канкрэтныя праблемы.
«Нямецкая хваля»
Фота trucks.autoreview.ru