Ул. Колас: “Традыцыі ліцэю не дазваляюць вучню стаць дрэннай асобай”
Уладзімер Колас нарадзіўся ў Менску. Скончыў Мінскі інстытут замежных моваў, а таксама Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў й рэжысэраў у Маскве. Жанаты, мае дарослых сына і дачку. Пасьля службы ў войску працаваў кінарэжысэрам на кінастудыі “Беларусьфільм”. Адзін з ініцыятараў стварэньня і дырэктар Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.
З 1997 году ўлады пачалі чыніць перашкоды працы ліцэю. У 2003 годзе ліцэй быў зачынены. З таго часу дзейнасьць навучальнай установы адбываецца ў неафіцыйных умовах. У прайшоўшы навучальны год больш як 90% выпускнікоў ліцэю экстэрнам здалі экзамэны за курс сярэдняй школы на 8 і 9 балаў.
Карэспандэнт: На гэтым тыдні завяршылася летняя сэсія навучэнцаў Коласаўскага ліцэю - ў Польшчы (у Закапаным, Гданьску і Варшаве). Ліцэісты вярнуліся дадому. Спадар Уладзімер, як вашыя вучні, ліцэісты ставяцца да таго, што трэба ўлетку вучыцца?
Ул. Колас: Я думаю, што вучыцца ў такіх умовах і ў такіх месцах хацелі б ня толькі нашыя ліцэісты. У прынцыпе, гэта даволі цяжка, але мы ўжо адаптаваліся да такіх варункаў, і паколькі мы ня маем магчымасьці пазаймацца ў нармальных клясах у Менску, выканаць лябараторныя работы па прыродазнаўчых дысцыплінах, ліцэісты ставяцца да летняй сесіі нармальна. Акрамя таго, гэта ўнікальная магчымасьць пабыць усім разам, практычна 24 гадзіны ў суткі, якой мы ня маем, калі мы на Радзіме.
“Гэта не было рашэньне адміністрацыі – проста людзі не захацелі разыходзіцца...”
Карэспандэнт: У 2003 годзе на рашэньне Міністэрства адукацыі Коласаўскі ліцэй быў закрыты. Аднак адміністрацыя навучальнай установы пастанавіла тады не распускаць пэдагагічнага калектыву і наладзіць навучальны працэс, скажам так, безь дзяржаўнай падтрымкі. Мінуліся 4 гады. Спадар Уладзімер, за гэты час ці не ўзьнікалі сумневы, што вы зрабілі тады правільна? Ці можна нармальна вучыцца ў напаўлегальных умовах?
Ул. Колас: Нармальна вучыцца, канечне, немагчыма, калі нармальнасьцю лічыць вось такое штодзённае стацыянарнае навучаньне ў афіцыйна зарэгістраванай навучальнай установе.
Тут крышку не зусім усё было сказана наконт прычын гэтага – гэта не было рашэньне адміністрацыі, якому падпарадкаваліся навучэнцы, настаўнікі і бацькі, а гэта было рашэньне перадусім бацькоў, навучэнцаў і настаўнікаў, якому падпарадкавалася адміністрацыя.
Проста людзі не захацелі разыходзіцца – спачатку на настаўніцкім сходзе было сказана, што папрацаваўшы ў ліцэі, цяжка альбо немагчыма вяртацца ў школу, у тую атмасфэру, якая, на вялікі жаль, цяпер у пераважнай большасьці нашых школ.
Ну і бацькі таксама не захацелі кідаць ліцэй, таму было прынятае такое агульнае, калегіяльнае, абсалютна дабраахвотнае рашэньне. Сумневаў у правільнасьці яго не ўзьнікала і ня ўзьнікне, бо гэта было зроблена дзеля сапраўды патрэбных мэтаў. Гэтая неабходнасьць застаецца, і мы будзем гэта рабіць, пакуль мы ў стане гэта рабіць.
“Нашыя выпускнікі паступаюць у ЭГУ па-за конкурсам”
Карэспандэнт: Ужо адбыліся 3 выпускі ліцэістаў пасьля пераходу ліцэю ў новыя ўмовы, складанейшыя ўмовы. Куды ідуць вашыя выпускнікі?
Ул. Колас: У гэтым годзе скончылі ліцэй тыя, хто ўсе 4 гады вучыўся ў неафіцыйных варунках, але яшчэ зачапіў пэрыяд нашага камфортнага існаваньня ў сваім будынку – яны хадзілі на падрыхтоўчыя курсы і паступалі ў ліцэй, калі яго зьнішчалі...
Паступаюць і ў Беларусі – у нашыя дзяржаўныя навучальныя ўстановы, трэба аддаць ім належнае, на прэстыжныя факультэты, а таксама – Літва, Польшча... З Эўрапейскім гуманітарным універсітэтам у Вільні ў нас падпісана пагадненьне аб супрацоўніцтве, і нашыя выпускнікі паступаюць туды па-за конкурсам. У гэтым годзе дае стыпэндыю польскае міністэрства адукацыі, так што пэрспэктывы вельмі добрыя ў тых, хто зьвязаў лёс зь ліцэем.
“Бацькі бачаць, што дзеці мяняюцца ў станоўчы бок за гэтыя 4 гады”
Карэспандэнт: Аддаючы вам на навучаньне дзяцей, ці не выказваюць бацькі боязі? Напрыклад, а як пасьля дзеці паступяць у беларускія інстытуты, унівэрсытэты? Як Вы супакойваеце бацькоў?
Ул. Колас: Мы ніяк не супакойваем – хай бы нас хто супакоіў... Калі аддаюць, значыць, ведаюць, што дзецям будзе добра, і гэта сапраўды так. Мы адчуваем гэтую адказнасьць, і сапраўды дзецям добра.
Ёсьць пэўная аўра, вельмі добры ўзровень навучаньня, які забясьпечваецца настаўнікамі – гэта ўнікальны пэдагагічны калектыў, вельмі высокапрафэсійныя і добрасумленныя людзі. І ёсьць вось гэты дух братэрства, сяброўства, ёсьць традыцыі, якія не дазваляюць стаць дрэннай асобай... Бываюць выключэньні, але ня так часта – асноўная тэндэнцыя вельмі станоўчая, і бацькі бачаць, што дзеці мяняюцца ў станоўчы бок за гэтыя 4 гады, калі чалавек ператвараецца зь дзіцяці ў дарослага чалавека, у асобу – і фізычна, і маральна, і інтэлектуальна.
Вось яны ў вельмі станоўчай аўры знаходзяцца, і гэта галоўнае. Усе, хто зьвязаў лёс зь ліцэем у гэтыя гады, атрымліваюць добрую пэрспэктыву, грунтоўны падмурак, і атрымліваюць добрую адукацыю – а што яшчэ трэба для бацькоў?
Юрась Бушлякоў (Радыё “Свабода”, Прага)