СветлагорскРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’еРэклама
|
Беларусь і сьвет RSSСупрацоўнікі КДБ затрымалі старшыню канцэрна “Белнафтахім” Аляксандра Бароўскага
Як паведамляе БелТА, у Менску супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі 29 траўня затрымалі старшыню дзяржаўнага канцэрна “Белнафтахім” Аляксандра Бароўскага. Аб гэтым сёньня на прэс-канфэрэнцыі абвесьціў Генэральны пракурор Беларусі Пётр Міклашэвіч. Паводле яго слоў, кіраўніку канцэрна інкрымінуюць крадзёж і службовыя злоўжываньні. Разам з А. Бароўскім затрыманы яшчэ некалькі чалавек. Як стала вядома БелаПАН зь неафіцыйных крыніцаў, ператрус у кіраўніка «Белнафтахіму» праводзіўся ўвечары 29 траўня. Затрыманыя, паводле словаў П. Міклашэвіча, зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ у Менску. У ходзе першапачатковых сьледчых дзеяньняў у іх канфіскаваныя буйныя сумы грошай, матэрыяльныя каштоўнасьці і дакумэнты. Цяпер па справе працягваюцца неадкладныя сьледчыя дзеяньні, сказаў П. Міклашэвіч. Як стала вядома БелаПАН зь неафіцыйных крыніцаў, ператрус у кіраўніка «Белнафтахіму» быў праведзены ўвечары ў аўторак. У інтарэсах следзтва КДБ не паведамляе, кіраўнікі якіх структур затрыманыя разам з кіраўніком «Белнафтахіму». Пра гэта карэспандэнту БелаПАН заявіў начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязей КДБ Валер Надтачаеў. Як патлумачыў В. Надтачаеў, абвінавачаньне затрыманым павінна быць прад'яўлена цягам 10 сутак. Паводле заканадаўства, пры пэўных абставінах гэты тэрмін можа быць падоўжаны. Нарадзіўся А. Бароўскі ў Бабруйску, зараз яму 56 гадоў. Працаваў токарам, электрамантажнікам, майстрам, начальнікам цэху на шынным камбінаце “Белшына” ў Бабруйску. Вышэйшую адукацыю атрымаў у 34-гадовым узросьце у Беларускім тэхналягічным інстытуце, у 1994 г. закончыў Акадэмію кіраваньня пры Савеце міністраў Беларусі. Быў дырэктарам заводу масавых шын камбінату “Белшына”, затым – адкрытага акцыянернага таварыства “Палімір” у Наваполацку (прыдпрыемствы, якія ўваходзяць у “Белнафтахім”). Адтуль быў пераведзены на пасаду кіраўніка “Белнафтахіму”. Згоду на прызначэньне А. Бароўскага на пасаду старшыні “Белнафтахіму” даў Аляксандр Лукашэнка 27 сьнежня 2005 г. Тады А. Лукашэнка, нагадвае радыё “Свабода”, заявіў аб патрэбе ў новых падыходах у дзейнасьці гэтага канцэрну. “Сьвежы погляд вопытнага чалавека – тое, што нам патрэбна ў такой важнай сфэры, як нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вам трэба прынесьці дзяржаве цягам 3-х месяцаў да мільярда даляраў дадаткова да таго, што мы маем. Прадумайце праграму і дакладзіце”, – сказаў тады А. Лукашэнка А. Бароўскаму. Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі “Белнафтахім” аб’ядноўвае больш 50 арганізацыяў з агульнай колькасьцю працуючых каля 120 тыс. чалавек. Яны вырабляюць 19% прамысловай прадукцыі краіны. Доля экспарту “Белнафтахіму” ў агульным памеры беларускага экспарту перавышае 25%. У складзе канцэрну – аб’яднаньне “Беларусьнафта” і 2 нафтаперапрацоўчыя заводы (у Мазыры і Наваполацку), а таксама разгалінаваная сетка нафтабазаў і аўтазаправачных станцыяў. У канцэрне "Белнафтахім" затрыманьне кіраўніка не камэнтуюць. Чакаецца, што выконваючым абавязкі старшыні канцэрна будзе прызначаны адзін з цяперашніх намесьнікаў – Міхаіл Асіпенка ці Уладзімер Волкаў.
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |