Затрыманы лідэр рэчыцкай злачыннай групоўкі
У мястэчку Краснапольле Магілёўскай вобласьці затрымалі лідэра рэчыцкай злачыннай групоўкі Сяргея Шуманскага. Паводле інфармацыі Гомельскай абласной управы барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю, 37-гадовы мужчына хаваўся там, маючы падробныя дакумэнты. У вышуку ён знаходзіўся амаль 2 гады.
С. Шуманскі — апошні зь верхаводаў бандыцкіх груповак, вядомых у г. Рэчыца Гомельскай вобласьці пад назвамі “ваенныя”, “вушатага”, “русланаўскія”, “шуманскія”. Яны займаліся вымаганьнем, разбоямі, падпаламі аўтамашынаў і маёмасьці тых прадпрымальнікаў, якія адмаўляліся плаціць ім даніну.
Сёлета ў кастрычніку 30 удзельнікаў гэтых груповак, у тым ліку й 7 лідэраў, судом першай інстанцыі прызнаны вінаватымі ў зьдзяйсьненьні шэрагу цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў і асуджаны на тэрміны ад 7 да 23 гадоў пазбаўленьня волі.
Матэрыялы абвінавачаньня С. Шуманскага вылучаны ў асобную крымінальную справу.
Радыё «Свабода»
Гл. таксама: