Карабель вытворчасці ЗША падымаюць з Бярэзіны

У Светлагорскім раёне вядуцца работы па пад’ёму з Бярэзіны бронекацера, які патануў у 1941 г. З дна ракі ўжо ўзнятыя знаходкі, якія дазволяць, магчыма, даведацца больш аб прычынах гібелі карабля.
У 1916 г. ў ЗША па заказу ваеннага ведамства Расійскай дзяржавы былі пабудаваны 4 кацеры. Іх выпусціла кампанія “Мулінс і К”. У класіфікацыі савецкага флоту гэтыя кацеры атрымалі тып “Д”. Валанцёры клубу “Пошук” з г. Шклоў (Магілёўская вобласць) зараз ажыццяўляюць мерапрыемствы па пад’ёму аднаго з іх.
- Былі знойдзеныя дыскі кулямёта Дзегцярова, што засталіся ад дэсанту. Яшчэ знайшлі патроны і кулі. Мяркуючы па гільзах, некаторыя з іх былі цэлыя і выбухнулі падчас пажару, - распавёў светлагорскі журналіст і краязнаўца Віктар Раманцоў. Завяршэнне пад’ёму рэшткаў кацера плануецца на наступны тыдзень.
Першапачаткова кацеры гэтага тыпу былі выведнікамі. Яны ўдзельнічалі ў І-ай сусветнай вайне. Адзін з іх патануў у 1920 г. каля Гомеля з-за аварыі і быў адноўлены ў 1927 г. Астатнія 10 верасня 1920 г. былі перакласіфікаваныя ў вартавыя кацеры, а 3 красавіка 1925 г. вернутыя ў клас бранявых кацераў – у тым ліку і той, што падымаюць з Бярэзіны. За сваю гісторыю ён меў назвы БКА № 4, СКА № 4, СК-4, Д-4, БК-4. Яго апошняе найменне – БКА-205, а па іншай класіфікацыі меў № 135. 27 чэрвеня 1931 г. кацеры былі залічаныя ў Дняпроўскую ваенную флатылію, у чэрвені 1940 г. – у Пінскую.
Спачатку на кацерах тыпу “Д” стаялі рухавікі “Сцірлінг” у 85 конскіх сілаў, якія ў 1920-х гг. былі замененыя на “Скрыпс” у 100 к. с. Хуткасць кацера дасягала 8,6 вузлоў па цячэнні Дняпра і 5,9 вузлоў – супраць цячэння, а далёкасць ходу – адпаведна 302 і 189 міль. Марская міля складае 1,852 км, а 1 вузел – гэта хуткасць, пры якой карабель праходзіць мілю за гадзіну.
Экіпаж кацера складаўся з 7 чалавек. На узбраенні карабля да 1941 г. быў кулямёт сістэмы Гочкіса калібра 37 мм, 1 - 2 кулямёты М-1 калібра 7,62 мм і 2 міны. З 22 чэрвеня 1941 г. кацер быў узброены двума кулямётамі Дзегцярова калібра 12,7 мм і кулямётам М-1, які вядомы пад назвай “Максім”. У машыннага аддзялення быў 6-мм бранявы пояс.
Апошні бой кацера адбыўся 26 ліпеня 1941 г. Караблі Бярэзінскага атраду Пінскай флатыліі грамілі пераправу праціўніка праз Бярэзіну, каля пасёлка Парычы. Вярталіся з аперацыі ўніз па цячэнню. Ля в. Судавіца немцы зрабілі засаду. Кацер БКА-205 ішоў першым, і асноўны ўдар прыйшоўся па ім. Карабель атрымаў 6 пашкоджанняў, былі параненыя 2 маракі. З-за траплення снарадаў у бензабак на караблі ўзнік пажар. Па некаторых звестках, камандзір кацера лейтэнант С. Сутужка быў вымушаны загадаць экіпажу пакінуць карабель і ўзарваць яго. Уцалелыя кацеры адышлі ў тыл праціўніка, а пасля самасплавам, з выключанымі рухавікамі, перасунуліся незаўважанымі праз нямецкую варту.
Тэльман Маслюкоў
Малюнак: sovnavy-ww2.by.ru
На здымке: бронекацер тыпу “Д” Пінскай флатыліі, 1940 г. Водазмяшчэнне кацера - 10 т, памер - 9,21 х 2,47 х 0,85 м. Фота wunderwaffe.narod.ru

Гл. таксама: