Допыт у КДБ у Светлагорску
Жыхар Светлагорска Тэльман Маслюкоў 25 верасня быў дапытаны ў КДБ у якасці сведкі па крымінальнай справе “Маладога Фронта”. Супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі цікавіла інфармацыя аб дзейнасці студэнта Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Арсеня Ягорчанкі.
Дазнавацель Светлагорскага міжраённага аддзялення КДБ Аляксей Шагінаў пытаўся ў Т. Маслюкова, ці належыць Арсень Ягорчанка да незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. На гэта Т. Маслюкоў, які навучаецца ў магістратуры ЕГУ, адказаў, што з няпоўнагадовым студэнтам ЕГУ А. Ягорчанкам ён знаёмы, аднак нічога не ведае пра ягоны ўдзел у “Маладым Фронце”.
Нагадаем, 16 верасня светлагорская міліцыя правяла агляд кватэры 17-гадовага А. Ягорчанкі. Падчас ператрусу супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі ў юнака партатыўны камп’ютэр, сістэмны блок, сканер і нацыянальную сімволіку. У час агляду міліцыяй кватэры няпоўнагадовага Арсеня ягоныя бацькі адсутнічалі.
Перад размовай з чэкістамі, зазначыў Т. Маслюкоў, яму паведамілі, што Арсень Ягорчанка з’ехаў з Беларусі і не з’явіўся даваць паказанні. Паводле дапытанага, ягоны выклік у КДБ звязаны з тым, што пасля ператрусу Арсень патэлефанаваў яму, а ў КДБ гэта ведаюць.
Свой выклік Т. Маслюкоў каментуе наступным чынам: “Па-першае, я не маю ніякага дачынення да “Маладога Фронта”, а па-другое, у нашай краіне адмыслова адмаўляюць у рэгістрацыі мноству арганізацый, каб пасля пераследваць па палітычных матывах”.
Мікола БЯНЬКО (Радыё «Рацыя»)
Гл. таксама:
У Светлагорску і Жлобіне – вобыскі, у Гомелі і Рэчыцы - арышты