СветлагорскРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Рэгіянальныя навіны RSSУ Светлагорску і Жлобіне – вобыскі, у Гомелі і Рэчыцы - арышты
У Светлагорску ў ноч з 16 на 17 верасня міліцыя правяла вобыск у кватэры 17-гадовага Арсеня Ягорчанкі, студэнта Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Напярэдадні рэспубліканскіх “Дажынак”, якія сёлета пройдуць у Рэчыцы 21 – 22 верасня, па Гомельскай вобласці адбыўся шэраг арыштаў.
Па словах А. Ягорчанкі, міліцыянты і панятыя сустрэлі яго ўвечары напачатку 23-ай гадзіны на лесвічнай пляцоўцы, і разам з ім зайшлі ў кватэру. Бацькоў Арсеня і нікога з дарослых у гэты час дома не было. Ператрус цягнуўся прыкладна да паловы першай гадзіны ночы.
“Міліцыянт, які кіраваў ператрусам, ужо сачыў за намі аднойчы ўвесну. Мы з сябрамі тады ўскладалі кветкі да помніка Раману Шаціле ў цэнтры горада, а таксама рабілі прыборку на Шацілкаўскіх могілках, каля Крыжа ў памяць аб ахвярах рэпрэсій” – распавёў Арсень.
16 чысла штомесяц дэмакратычныя сілы Беларусі адзначаюць Дзень памяці палітыкаў, якія зніклі без вестак некалькі гадоў таму. Сярод зніклых без вестак – былы міністр унутраных спраў Ю. Захаранка, які да гэтага пэўны час працаваў у Светлагорскім аддзеле ўнутраных спраў. У Светлагорску на 16 верасня сёлета прыпаў “Дзень горада”. У горадзе распаўсюджваліся звесткі, што на Цэнтральнай плошчы адбудзецца нейкая маладзёвая акцыя з нагоды Дня памяці. І хоць ніякая акцыя не праводзілася, верагодна, гэта выклікала занепакоенасць уладаў.
Падчас ператрусу міліцыянты забралі партатыўны камп’ютэр, які хлопец набыў, каб ехаць з ім на вучобу, а таксама сістэмны блок настольнага камп’ютэра. Разам з камп’ютэрнай тэхнікай міліцыя выняла 4 бела-чырвона-белыя сцяжкі, малафарматныя газеты “Палеская праўда”, мясцовыя незалежныя газеты “Рэгіянальныя навіны” і налепкі “Еўрапейскі марш”. Праваабаронцы адзначаюць, што за апошнія 1,5 гады гэта ўжо чацвёрты аналагічны вобыск у горадзе.
А. Ягорчанка сёлета закончыў школу № 10 Светлагорска і паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, дзе навучальны год пачнецца ў кастрычніку. Па словах хлопца, яшчэ падчас навучання ў школе яго неаднойчы выклікалі да адміністрацыі за дэмакратычныя погляды. Цяперашнія дзеянні міліцыі А. Ягорчанка мае намер абскардзіць у пракуратуры.
***
18 верасня суддзя Цэнтральнага раёну г. Гомеля Марына Іванаўна Дамненка прыгаварыла арыштаваць “за дробнае хуліганства” маладзёвых актывістаў Андрэй Цянюту – на 10 сутак, і Дзмітрыя Жалезнічэнку, былога студэнта-выдатніка матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францішка Скарыны (ГДУ) – на 8 сутак. За разглядам у судзе справы Д. Жалезнічэнкі назіраў сябра грамадскай праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, дацэнт ГДУ Віктар Адзіночанка.
19 верасня ў Жлобіне міліцыя і супрацоўнікі КДБ правялі вобыск у кватэры 17-гадовага выпускніка гімназіі № 1 г. Жлобіна Кірыла Атаманчыка, які паступіў сёлета ў Еўрапейскі гуманітарны універсітэт.
19 верасня суддзя Рэчыцкага раёна Анатоль Стрэльчанка прыгаварыў арыштаваць мясцовага прадпрымальніка, актывіста прадпрымальніцкага руху Леаніда Невара на 6 сутак “за нецэнзурную лаянку”. Напярэдадні “Дажынак” адпраўлены з Рэчыцы ў камандзіроўкі: кіраўнік раённай арганізацыі Партыі БНФ, майстар капітальных работ на чыгунцы Валыры Пуціцкі; сябра БНФ, аглядчык вагонаў Аляксандр Ганчарэнка; сябра БНФ, урач-рэанімолаг радзільнага аддзялення мясцовай бальніцы Канстанцін Кузняцоў.
20 верасня ў Гомелі затрыманы міліцыяй і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання каардынатар па стварэнню партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Канстанцін Жукоўскі (па паходжанні – са Светлагорска). Ён таксама абвінавачваецца ў хуліганстве. Варта адзначыць, што ў пачатку верасня К. Жукоўскі ўжо быў арыштаваны на 5 сутак “за нецэнзурную лаянку”, у знак пратэсту ён праводзіў у зняволенні сухую галадоўку.
Рэспубліканскія “Дажынкі” сёлета пройдуць у Рэчыцы 21 – 22 верасня.
(Паводле радыё “Свабода”.)
На здымке: Зьміцер Жалезнічэнка, былы студэнт-выдатнік матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны.![]()
Беларусь і сьвет
Блог
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |