СветлагорскРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Рэгіянальныя навіны RSSКаля Парычаў паднялі рэшткі першага ў Беларусі браніраванага карабля
Каля гарадскога пасёлка Парычы ў Светлагорскім раёне знойдзены рэшткі карабля, які за сваю гісторыю належаў двум дзяржавам, меў тры назвы і двойчы быў затоплены. Гэта – адзін з двух першых у Беларусі браніраваных рачных караблёў. Ён быў пабудаваны ў горадзе Данцыг на беразе Балтыйскага мора. Ад Данцыга – да Пінска Увесну 1922 г. у Пінскую ваенную флатылію, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў час яе знаходжання ў Польскай Рэспубліцы, паступілі маніторы “Мазыр” і “Варшава”. Першапачаткова, з 1921 г., гэтыя маніторы ўваходзілі ў Віслянскую флатылію - на р. Вісла. Манітор (ад англ. monitor – “які кантралюе”) – браніраваны карабель, які прызначаўся для дзеянняў у прыбярэжных раёнах мора і на рэках. “Мазыр” – гэта і ёсць той самы манітор, які падняты цяпер на Бярэзіне. Камандзірам “Мазыра” ў той час быў паручык Э. Шыстоўскі. Гэтыя маніторы былі пабудаваны ў 1920 г. у г. Данцыг, які ў той час меў статус вольнага горада пад кіраваннем Лігі Нацый (цяпер – г. Гданьск у Польшчы). Праект манітораў быў распрацаваны Тэхнічнай секцыяй Дэпартамента марскіх спраў Польшчы. Усяго былі пабудаваны 4 такія караблі: першым быў “Варшава”, за ім – “Гарадзішча”, “Пінск” і “Мазыр”. Гэтую серыю называюць “гданьскія маніторы”. Варта адзначыць, што ў 1926 г. ў польскім горадзе Кракаў для Пінскай флатыліі былі пабудаваныя яшчэ 2 лёгкія маніторы: “Вільня” і “Кракаў”. У Пінскай флатыліі былі 3 дывізіёны, і “Мазыр” нёс службу ў першым дывізіёне. Ён меў экіпаж 41 – 44 чалавекі. 31 ліпеня 1923 г. манітор быў перайменаваны ў “Торунь” ("Toruń", па назве аднаго з гарадоў Польшчы) - таму, што г. Мазыр пасля савецка-польскай вайны 1919 – 20 гг. увайшоў у склад савецкай Беларусі. 17 кастрычніка 1931 г. Пінская флатылія атрымала новую назву - Рачная флатылія Ваенна-Марскога флоту Польшчы. З гэтага часу манітор “Торунь” знаходзіўся у трэцім дывізіёне флатыліі. “Гданьскія маніторы” мелі водазмяшчэнне 110 т (пасля мадэрнізацыі – 126 т), даўжыню 34,5 м і шырыню 5,5 м. Іх асадка складала 0,75 – 0,80 м. Спачатку на маніторах была браня да 12 мм, па 2 гарматы калібра 105 мм і па 5 кулямётаў. У 1930 і 1938 – 39 гг. маніторы прайшлі мадэрнізацыю. У выніку першай мадэрнізацыі манітор меў гаўбіцу калібра 100 мм, 2 гарматы калібра 75 мм, 4 кулямёты і міны. Другая мадэрнізацыя закранула не толькі ўзбраенне, але і абсталяванне манітораў. На маніторы замест баявой рубкі з’явілася цэнтральная бранявая вежа, на даху якой былі ўсталяваныя 2 кулямётныя вежы, дальнамер і пражэктар. Узбраенне складалася цяпер з 3-х гарматаў калібра 75 мм, якія размяшчаліся ў 2-гарматнай і 1-гарматнай вежах, і 4-х кулямётаў. Браня была заменена на нікелевую таўшчынёй 8 мм, а замест 3-х рухавікоў па 60 конскіх сілаў былі ўсталяваныя два 6-цыліндровыя рухавікі па 100 к. с., якія развівалі хуткасць манітора да 13,5 км/г.
Пачатак вайны 2 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу - пачалася ІІ-ая сусветная вайна. Пінская флатылія вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў праз Прыпяць і яе прытокі – Піну і Ясельду. Камандаваў “Торунем” у гэты час капітан Баляслаў Парыдзай. 17 верасня на тэрыторыю Польскай дзяржавы, на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, увайшлі савецкія войскі. Флатылія не атрымала загаду ваяваць супраць іх. Камандаванне павяло свае сілы на захад, дзе ішлі баі з нямецкімі нацыстамі. Манітор “Торунь” рушыў па Прыпяці ад Перавозу Лачэўскага, дзе ён дзейнічаў з пачатку вайны, да Пінска. Але з-за ўзарванага маста караблі немагчыма было правесці праз Дняпроўска-Бугскі канал на рэкі Заходні Буг і Віслу. Таму 17 – 21 верасня яны былі самазатоплены, акрамя лёгкага манітора “Вільня”, які патрапіў на мель і быў узарваны экіпажам. “Торунь” быў затоплены на 73 км Прыпяці, верагодна, 18 верасня. Экіпажы сышлі на бераг і разам з іншымі падраздзяленнямі флатыліі далучыліся да армейскай групоўкі “Палессе”. З іх былі створаны 2 батальёны, якія на тэрыторыі Польшчы ваявалі з нацыстамі каля г. Коцк – да 5 кастрычніка, да самых апошніх абарончых баёў германа-польскай вайны 1939 г.
У савецкай Беларусі Да 12 лістапада 1939 г. большасць затопленых караблёў былой Пінскай флатылі былі падняты савецкай Экспедыцыяй падводных работ асаблівага прызначэння (ЭПРАН). У Кіеве іх адрамантавалі, пераўзброілі і перайменавалі. “Торунь” атрымаў сваю трэцюю назву – “Вінніца”, у гонар горада на Украіне. “Варшава” была перайменавана ў “Віцебск”, “Гарадзішча” – у “Бабруйск”, “Пінск” – у “Жытомір”, а лёгкі манітор “Кракаў” – у “Смаленск”. Караблі былі ўключаны ў Дняпроўскую ваенную флатылію, цэнтр якой у гэты час таксама знаходзіўся ў Пінску. Цяпер манітор “Вінніца” меў экіпаж каля 40 чалавек, 3 гарматы калібра 76 мм і 4 кулямёты калібра 7,62 мм. У чэрвені 1940 г. Дняпроўскую флатылію расфарміравалі. Яе караблі, у тым ліку “Вінніца”, зноў ўвайшлі ў склад Пінскай ваеннай флатыліі – але цяпер ужо савецкай, якая была створана ў гэтым жа месяцы.
Апошні бой карабля З пачатку вайны паміж Германіяй і Савецкім Саюзам флатылія ўдзельнічала ў баях. 11 ліпеня 1941 г. у флатыліі былі створаны 3 атрады: Бярэзінскі, Дняпроўскі і Прыпяцкі. “Вінніца”, “Віцебск”, “Жытомір” і “Смаленск” увайшлі ў Бярэзінскі атрад. 15 ліпеня 1941 г. атрад – 3 маніторы і 5 бронекатэраў - засяродзіўся каля гарадскога пасёлка Парычы, які ў той час быў раённым цэнтрам, прыняў 80 партызан і ў 14 гадзін 05 хвілін накіраваўся ўверх па Бярэзіне. Перад ім была пастаўлена задача дайсці да вёскі Стасеўка (у суседнім Бабруйскім раёне, Магілёўская вобласць), і сумесна з часткамі стралковага корпуса і партызанскім атрадам авалодаць там пераправай праціўніка і самой вёскай. Аднак ужо непадалёк ад Парыч, каля в. Новая Беліца, атрад уступіў у бой. У гэтым баі, паводле савецкіх дадзеных, атрад знішчыў дзве 76-мм гарматы, больш за 100 салдат і афіцэраў праціўніка, а дэсант, які высадзіўся з караблёў, захапіў у палон 6 салдат і мінамётную батарэю. Падчас бою ў “Вінніцу” патрапілі 6 артылерыйскіх снарадаў. Загінулі 4 і былі паранены 2 чалавекі з каманды манітора. Рулевое кіраванне сапсавалася, і карабль патрапіў на мель. У гэтым баі загінулі і 2 бронекатэры атраду. Спроба іншых 2-х манітораў зняць “Вінніцу” з мелі не ўдалася. Абодва берагі былі ўжо заняты праціўнікам. Камандзір “Вінніцы” старшы лейтэнант Б. А. Юшын загадаў узарваць манітор. Гэта адбылося 16 ліпеня ў 0 гадзін 20 хвілін. Экіпаж манітора сыйшоў на бераг і праз лінію фронту выйшаў да Парычаў. Ці выканаў манітор сваё баявое прадназначэнне? Германскі генерал Ф. Гальдэр 8 жніўня 1941 г. сярод прычын, якія рабілі наступленне нямецкай арміі, на яго погляд, “вельмі павольным”, напісаў: “Аказваюць супрацьдзеянне і маніторы праціўніка”. Відавочна, гэта і ёсць найбольш аб’ектыўная ацэнка для баявога карабля. Памяць Ініцыятыву падняць рэшткі «Вінніцы» выказала грамадскае аб'яднанне «Таварыства ветэранаў разведкі ваенна-марскога флоту», якое дзейнічае ў Кіеве. У пад’ёме, які адбыўся 26 жніўня, ўдзельнічаў клуб “Пошук” з г. Шклоў (Магілёўская вобласць). Паглядзець на працу экспедыцыі прыйшлі мясцовыя жыхары і прадстаўнікі раённага і Парыцкага пасялковага кіраўніцтва. За прайшоўшы пасля вайны час Бярэзіна змяніла рэчышча. На месцы, дзе затануў карабель, цяпер балоцістая нізіна. З яе і былі падняты часткі абшыўкі і абсталявання. У памяць аб тых, хто загінуў тут на “Вінніцы”, настаяцель парыцкага храма Марыі Магдалены іярэй Дзмітрый правёў богаслужэнне. Удзельнікі экспедыцыі паклалі на ваду, дзе быў затоплены манітор, вянок. Рэшткі манітора, які пабудаваны ў вольным горадзе Данцыг, які ваяваў за Польскую Рэспубліку і савецкую Беларусь, падняты ў суверэннай Беларусі па ініцыятыве энтузіастаў з Украіны. Цэлая эпоха з жыцця Еўропы адлюстравалася ў гісторыі карабля...
Тэльман Маслюкоў
Схема манітора “Торунь”.
Манітор "Торунь", 1930 г. Малюнак Рычарда Лакомскага паводле публікацый у часопісу “Морзэ”.
Манітор "Торунь" пасля мадэрнізацыі 1938 – 39 гг. Малюнак Р. Лакомскага паводле публікацый у часопісу “Морзэ”.
Манітор “Гарадзішча”, 1939 г. – такім жа быў у той час і манітор “Торунь”.
Караблі Пінскай флатыліі каля прыстані ў Пінску, у цэнтры – маніторы, 1939 (?) г. Здымак з дакументальнага фільму Польскай тэлевізіі “Славутая флатылія”, 2005 г.
На маніторы Пінскай флатыліі, 1930-я гг. Здымак з дакументальнага фільму “Славутая флатылія”.
Экіпаж у гарматнай вежы манітора Пінскай флатыліі, 1930-я гг.
Манітор “Вінніца”. Малюнак Р. Лакомскага паводле дакументальнага фільму “Славутая флатылія”.
Прадстаўнікі экспедыцыі па пад’ёму рэшткаў манітора “Вінніца” ўскладаюць вянок на месцы затаплення карабля, 26 жніўня 2007 г. (Фота газеты “Ранак-плюс”.)
Беларусь і сьвет
Блог
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |