СветлагорскРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Рэгіянальныя навіны RSSРаскопкі былога горада Казімір (фотаэкспазыцыя)
У Сьветлагорскім раёне працягнуты археалягічныя раскопкі былога горада Казімір. Гэты горад існаваў у 1643 – 1655 гг. на беразе Бярэзіны, на месцы цяперашняй вёскі Каралеўская Слабада-2 (Краснаўскі сельскі Савет). У той час Беларусь была асноўнай часткай Вялікага Княства Літоўскага, якое ўваходзіла ў фэдэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітая. У 1654 г. Расійская дзяржава пачала вайну з Рэччу Паспалітай. Казімір быў разбураны. Пазней на гэтым месцы аднавілася вёска, назва якой нагадвае аб былым горадзе. У раскопках, якія праводзіліся ў ліпені, ўдзельнічала моладзь – дабраахвотнікі і практыканты. 24 чалавекі на працягу 2-х тыдняў выкапалі 3 раскопы агульнай плошчай каля 300 кв. м. Археалягічныя раскопкі заўсёды праводзяцца ўручную. Вёска ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС знаходзіцца ў зоне радыяцыі да 5 – 15 Ku/км². Экспэдыцыя, у складзе якой было шмат непаўнагадовых удзельнікаў, размяшчалася ў 6 км ад месца раскопак. Удзельнікі штодня прывозіліся на раскопкі аўтобусам. Жыхары Казіміра займаліся рамёствамі, гандлем і рыбнымі ловамі. Горад меў Магдэбургскае права (ад назвы нямецкага горада Магдэбург, дзе яно ўзьнікла). Гэта значыць, што ў горадзе была ратуша, у якой разьмяшчалася гарадзкое самакіраваньне. Навуковы кіраўнік раскопак Сяргей Рассадзін лічыць, што гэтыя валуны маглі ляжаць у падмурку ратушы альбо храма. Казімір быў зьнішчаны ў 1655 г. войскам Івана Залатарэнкі, якое знаходзілася на службе ў маскоўскага цара Аляксея Раманава. У загадзе цара за 1655 г. напісана, каб маскоўскія войскі, “ідучы дарогаю, сёлы і вёскі і хлеб і сена... палілі і людзей забівалі... і зьнішчалі зусім і поўнасьцю“ (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 2, с. 197). У час раскопак выяўлены парэшткі забітых жыхароў Казіміра, у тым ліку – дзяўчынкі 15 – 16 гадоў. Зьвесткі аб Казіміры прафэсар С. Рассадзін выявіў у 2001 г. ў архіве. Археалягічныя пошукі былога горада пачаліся ў 2006 г. па ініцыятыве Сьветлагорскай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ). Сёлетнія раскопы сталі працягам мінулагодніх дасьледаваньняў. Сучасны Сьветлагорск паходзіць ад вёскі Шацілкі, аднак, на меркаваньне С. Рассадзіна, Казімір можна лічыць гарадзкім папярэднікам Сьветлагорска. У наступным годзе споўніцца 365 гадоў з часу заснаваньня Казіміра.
22.08.2007.
Гл. таксама: Фотагалерэя. 2007 г. Археалягічныя раскопкі ў Каралеўскай Слабадзе-2 Каля Светлагорска выяўлена гарадзішча ранняга сярэднявечча У Шацілках пачаліся першыя археалягічныя раскопкі «Чорныя капацелі» раскрадаюць гістарычную спадчыну. Улады бяздзейнічаюць Дабраахвотнікі запрашаюцца на археалягічныя раскопкі ў Сьветлагорскім раёне Беларусь і сьвет
Блог
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |