СветлагорскРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Рэгіянальныя навіны RSSУ Шацілках пачаліся першыя археалягічныя раскопкі
Першыя археалягічныя раскопкі пачаліся 16 чэрвеня ў Шацілках – старадаўняй частцы Сьветлагорска. Некалькі дабраахвотнікаў і школьнікаў пад навуковым кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Сяргея Рассадзіна выканалі ў гэты дзень падрыхтоўчую працу – разьбіўку участка пад раскоп. Раскопкі будуць праводзіцца на месцы, дзе, на меркаваньне С. Рассадзіна, ў ХVI стагоддзі ўзьніклі Шацілкі. Гэтае месца мела назву Востраў Шацілінскі. У 1961 г. гарадзкі пасёлак Шацілкі быў ператвораны ў г. Сьветлагорск. У 1989 г. па ініцыятыве мясцовых краязнаўцаў у архівы Беларусі і суседніх краінаў былі накіраваныя звароты з прозьбай выявіць старадаўнія дакумэнты аб Шацілках. У выніку ў Нацыянальным гістарычным архіве ў Менску быў выяўлены прывілей (указ) вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста ад 15 ліпеня 1560 г. – самы старадаўні дакумэнт, які сьведчыць аб існаваньні вёскі Шацілкі. У гэтым дакумэнце ўзгадваецца Раман Шаціла, які, верагодна, быў заснавальнікам і першапасяленцам вёскі. Летась зь ініцыятывы грамадзкасьці горада былі праведзеныя першыя археалягічныя пошукі ў Шацілках. Мясцовыя актывісты Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пад кіраўніцтвам навуковых супрацоўнікаў сабралі на тэрыторыі Шацілак рэшткі старадаўніх прадметаў, якія ўказваюць на месца першапачатковага ўзьнікненьня вёскі. Напрыклад, 11-клясніца Яўгенія Чубарава выявіла фрагмэнт нажа ХVI стагодздзя. На гэтай падставе прафэсар кафэдры гісторыі і паліталёгіі Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэта, член Геральдычнага савета пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь С. Рассадзін вырашыў распачаць сёлета раскопкі ў Шацілках. Дасьледаваньні праводзяцца з дазволу Міністэрства культуры і ў гэтым сэзоне працягнуцца 2 – 3 тыдні. У 2010 г. споўніцца 450 гадоў з часу першай згадкі аб паселішчы ў пісьмовым дакумэнце, што лічыцца датай заснаваньня населенага пункта. Сярод мясцовай грамадзкасьці пашыраецца меркаваньне, што было б дарэчы да гэтай даты ўзбагаціць гісторыю горада новымі, у тым ліку і археалягічнымі фактамі, якія зробяць горад больш адметным. Фрагмэнт нажа ХVI ст., які выявіла Я. Чубарава, стаў адным з аргумэнтаў для таго, каб распачаць раскопкі ў Шацілках.
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |