СветлагорскРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’е |
Рэгіянальныя навіны RSSЗнойдзены межы былога горада Казімір
Першыя сёлета краязнаўчыя пошукі ў Светлагорскім раёне праведзены 14 красавіка. Палявы краязнаўчы сезон быў распачаты ў вёсцы Каралёўская Слабада-2, на месцы былога горада Казімір. У выніку пошукаў вызначаны межы былога горада, які існаваў на месцы гэтай вёскі ў XVII стагоддзі. Гэта можна было зрабіць толькі ўвесну, пакуль зямля не зарослая расліннасцю. У пошуках удзельнічала група дабраахвотнікаў са Светлагорска – аматары краязнаўства і навучэнцы старэйшых класаў. Група была арганізавана грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. У вёсцы да яе далучыліся некалькі мясцовых школьнікаў. На працягу дня дабраахвотнікі разам з доктарам гістарычных навук, прафесарам С. Рассадзіным з Мінску ўважліва агледзілі мясцовасць. У выніку акрэслена прыблізная тэрыторыя, на якой у ХVІІ ст. стаяў г. Казімір. Падчас пошукаў высветлілася і праблема: як распавялі тутэйшыя жыхары, у вёску прыязджалі так званыя “чорныя капацелі” – асобы, якія незаконна шукаюць у зямлі гістарычныя каштоўнасці. Яны, карыстаючыся спецыяльным прыборам, знайшлі і выкапалі з зямлі старадаўні металічны абраз. Удзельнікі краязнаўчых пошукаў параілі мясцовым жыхарам выклікаць у такіх выпадках міліцыю. Аднак на ўсю вёску маецца толькі 3 тэлефоны. Архіўныя звесткі аб горадзе Казімір, пра які гісторыкі раней не ведалі, былі выяўлены ў 2001 г. Высветлілася, што горад быў разбураны падчас вайны з Расійскай дзяржавай у 1655 г. Але назва вёскі - Каралеўская Слабада - нагадвае пра яго. Летась па ініцыятыве ТБМ Светлагорска распачаліся археалагічныя даследаванні, якія паццвердзілі, што ў ХVІІ ст. на месцы сучаснай вёскі існаваў горад. Сёлета ў ліпені і жніўні раскопкі мяркуецца працягнуць. У наступным, 2008 г. споўніцца 365 гадоў з часу заснавання Казіміра.
Ільміна – так у Каралёўскай Слабадзе-2 называюць старое дрэва, ільм. На гэтым узвышшы былі ўпершыню выяўленыя знаходкі, якія адносяцца да часоў г. Казімір. Фота Анастасіі Каваленкі.
Гл. таксама: Будуць капаць пад горад
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |