СветлагорскРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’еРэклама
|
З гісторыі раёна. Вузкакалейная чыгунка.
З гісторыі вузкакалейнай чыгункі Артыкул напісаны паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, таму ў ім могуць быць недакладнасці. Вузкакалейная чыгунка Косетаў – Светлагорск існавала ў Калінкавіцкім і Светлагорскім раёнах Гомельскай вобласці. Была пабудавана ў 1950-х гг. у сувязі з распрацоўкай торфу на торфапрадпрыемстве "Васілевічы-2", упраўленне якога знаходзілася ў пас. Сасновы Бор Светлагорскага раёна (пасёлак утвораны ў 1955 г. разам з будаўніцтвам торфапрадпрыемства, з 3.07.1959 – рабочы пасёлак). Чыгунка выкарыстоўвалася для пасажырскіх і грузавых перавозак. Агульная працягласць – каля 36 км. Чыгунка пачыналася паміж вёскамі Косетаў і Падлукі Калінкавіцкага раёну, ад 10-га гаража аўтатрактарнай тэхнікі торфапрадпрыемства. Праходзіла ўздоўж 9, 8, 7, 6 (магчыма, і 5-га) гаражоў; далей па Парыцкаму (з 1961 г. – Светлагорскаму) раёну праз в. Славань, пас. Сасновы Бор, в. Стракавічы, закончвалася ў Шацілках (гарадскі пасёлак, з 1961 – г. Светлагорск). Ад Сасновага Бору мелася таксама лінія для грузавых перавозак да пас. Жэрдзянскі, дзе рабілася перагрузка на станцыю Жэрдзь чыгункі Жлобін – Калінкавічы. Пасажырскія станцыі былі ў Сасновым Бары і Шацілках, прыпынкі – на гаражах торфапрадпрыемства, у Славані і Стракавічах. У Шацілках станцыя знаходзілася прыблізна за 2 км да канца чыгункі; далей для перавозкі грузаў чыгунка даходзіла да Васілевіцкай ДРЭС (пабудаваная ў Шацілках у 1958 г., цяпер – Светлагорская ЦЭЦ). Улетку пасажырскія цягнікі хадзілі з адкрытымі платформамі, узімку – з закрытымі вагонамі. Грузавыя перавозкі рабіліся па ўсёй дарозе, у асноўным перавозіўся торф ад торфапрадпрыемства да ДРЭС. У Стракавічах меўся раз'езд і майстэрні. Вузкакалейная чыгунка дзейнічала да завяршэння распрацовак торфу, разабрана прыблізна ў 1979 – 81 гг. Разам з тым развіваліся прыгарадныя зносіны па чыгунцы Жлобін – Калінкавічы і пад’яздныя шляхі гэтай чыгункі да прадпрыемстваў Светлагорска. У Сасновым Боры маецца вул. Вакзальная, на якой - будынак былой станцыі (зараз у ім - аддзяленне міліцыі). У Стракавічах – пабудовы былых майстэрняў. Для грузавых перавозак ад ст. Жэрдзь да Сасновага Бору замест вузкакалейнай пабудавана звычайная чыгунка. У некаторых мясцовасцях па месцы былой вузкакалейкі зараз пракладзены мясцовыя аўтадарогі. Вузкакалейная чыгунка адыграла значную ролю ў развіцці рэгіёна і з'яўляецца паважнай часткай гісторыі чыгунак Беларусі. Тэльман Маслюкоў Дапаўненні ці ўдакладненні да гэтых звестак вы можаце дасылаць на r.partal.s@gmail.com
Рэгіянальныя навіны
Беларусь і сьвет
|
|
|
Дызайн — unutranyholas |